Data Loading...
narodnoe_bel_Legkі_hleb_(Volkaў_S.) Flipbook PDF
narodnoe_bel_Legkі_hleb_(Volkaў_S.)
117 Views
169 Downloads
FLIP PDF 801.93KB
Лёгкі хлеб
Беларуская народная казка ў апрацоўцы Алеся Якімовіча Мастак Сяргей Волкаў
Касіў на лузе касец. Змарыўся і сеў пад кустом адпачыць. Дастаў торбачку, развязаў і пачаў есці. Выходзіць з лесу галодны воўк. Бачыць — касец пад кустом сядзіць і нешта есць. Падышоў да яго воўк: — Ты што ясі, чалавеча? — Хлеб, — адказвае касец. — А смачны ён? — Дзіва што смачны! — Дай мне пакаштаваць. — Калі ласка! Адламаў касец кавалак хлеба і даў ваўку. Спадабаўся ваўку хлеб. Ён і кажа: — Хацеў бы я кожны дзень хлеб есці, але дзе мне яго даставаць? Парай, чалавеча! — Добра, — кажа касец, — навучу цябе, дзе і як хлеб даставаць! I пачаў ён вучыць ваўка: — Перш-наперш трэба зямлю ўзараць… — Тады і хлеб будзе?
— Не, брат, пачакай. Потым трэба забаранаваць… — I можна хлеб есці? — замахаў воўк хвастом. — Што ты, пачакай яшчэ. Раней трэба жыта пасеяць… — Тады будзе хлеб? — аблізнуўся воўк. — Не яшчэ. Дачакайся, пакуль жыта ўзыдзе, халодную зіму перазімуе, вясной вырасце, потым закрасуе, потым пачне наліваць зярняты, потым спець… — Ох, — уздыхнуў воўк, — вельмі ж доўга чакаць. Але цяпер то ўжо я наемся хлеба ўволю! — Дзе там наясіся! — перапыняе касец. — Рана яшчэ. Спачатку спелае жыта трэба зжаць, потым у снапы звязаць, снапы ў бабкі паставіць. Вецер іх правее, сонейка прасушыць, тады вязі іх на ток… — I есці хлеб буду? — Які нецярплівы! Спачатку трэба снапы абмалаціць, зярняты ў мяшкі сабраць, мяшкі ў млын завезці ды мукі намалоць… — I ўсё? — Не, не ўсё. Муку трэба замясіць у дзяжы і чакаць, пакуль цеста падыдзе. Тады ў гарачую печ пасадзіць. — I спячэцца хлеб? — Але, спячэцца хлеб. Вось тады і наясіся яго, — скончыў касец навуку. Задумаўся воўк, потым пачухаў лапай патыліцу і кажа: — Не! Гэтая работа занадта марудная і цяжкая. Лепш парай мне, чалавеча, як лягчэй яду здабываць. — Ну што ж, — кажа касец, — калі не хочаш цяжкі хлеб есці, параю табе лёгкі. Ідзі на выган, там конь пасецца. Пайшоў воўк на выган. Убачыў каня: — Конь, конь! Я цябе з’ем. — Што ж, — кажа конь, — еш. Толькі спачатку здымі з маіх ног падковы, каб не ламаць табе зубы аб іх. — I то праўда, — згадзіўся воўк. Нагнуўся ён падковы здымаць, а конь як стукне яму капытом у зубы… Перакуліўся воўк ды ходу. Прыбег да рэчкі. Бачыць — на беразе гусі пасуцца. «Ці не з’есці мне іх?» — думае. Потым і кажа: — Гусі, гусі! Я вас з’ем. — Што ж, — адказваюць гусі, — еш. Але спачатку зрабі нам адну паслугу перад смерцю. — Якую? — пытаецца воўк. — Паспявай нам, а мы паслухаем.
— Гэта можна. Спяваць я мастак. Сеў воўк на купіну, задраў галаву і давай выць. А гусі крыламі — мах, мах! Узняліся і паляцелі. Злез воўк з купіны, правёў гусей вачамі і пайшоў далей ні з чым. Ідзе ды лае сябе апошнімі словамі: «Ці ж не дурань я, га? Навошта я згадзіўся спяваць гусям? Ну, цяпер, каго ні сустрэну, — з’ем!»
Толькі ён так падумаў, бачыць — на полі чарада авечак пасецца, а пастух спіць. Нагледзеў воўк у чарадзе самага большага барана, схапіў яго і кажа: — Баран, баран, я цябе з’ем. — Што ж, — кажа баран, — такая мая доля. Але каб не мучыцца мне доўга ды і табе каб не ламаць зубы аб мае старыя косці, стань лепш вунь у той лагчынцы і разяў рот, а я ўзбягу на ўзгорак, разганюся і сам ускочу табе ў рот. — Дзякуй за параду, — сказаў воўк. — Так і зробім. Стаў ён у лагчынцы, разявіў рот і чакае. А баран узбег на горку, разагнаўся ды — трах! — рагамі ваўка ў галаву. Аж іскры пасыпаліся з вачэй у ваўка, свету ён не ўбачыў. Ачухаўся воўк, пакруціў галавою і разважае: — Цікава: з’еў я яго ці не? А тым часам касец скончыў работу і ідзе дахаты. Пачуў ён воўчыя словы і кажа: — З’есці то не з’еў, але паспытаў лёгкага хлеба.